2019 г. — 70 гадоў з часу ўтварэння адкрытага акцыянернага таварыства «Опаль-Агра» (Іванаўскі р-н; 1949), аднаго з перадавых сельгаспрадпрыемстваў
Калектывізацыя сельскай гаспадаркі ў Іванаўскім раёне Пінскай (з 1954 г. Брэсцкай) вобласці была актыўна праведзена ў 1949–1950 гг. У 1949 г. у вёсцы Опаль з’явіўся калгас «Радзіма». 26 жніўня 1950 г. да яго былі далучаны калгасы «Серп і молат» (Туляцічы) і «1 Мая» (Лядавічы). Старшынёй узбуйненага калгаса «1 Мая» стаў Аляксандр Яфімавіч Галавешкін, які да гэтага працаваў загадчыкам зямельнага аддзела Іванаўскага райвыканкама. Выгады ўзбуйнення былі відавочнымі. У гаспадарцы ў некалькі разоў узрасла ўраджайнасць сельскагаспадарчых культур і павялічыўся іх валавы збор. Павялічылася пагалоўе кароў, свіней, коней і павысілася іх прадуктыўнасць. Быў пабудаваны завод па вырабе цэглы і вапны, новыя калгасна-брыгадныя двары ў Опалі і Лядавічах, быў адкрыты радыёвузел.